Skip to content

Latest commit

 

History

History
98 lines (71 loc) · 7.82 KB

File metadata and controls

98 lines (71 loc) · 7.82 KB
title description
Божая кара
Кніга «Фарбы паралельнага свету» Міколы Дзядка. Глава 9. Божая кара

Лета дзве тысячы трынаццатага. Спякота. Мы з Цыганом вырашылі схадзіць на штодзённую прагулку, змяніць пафарбаваны ў зялёнае бетон камерных сцен на шэры бетон прагулачнага дворыка. Наш сукамернік К. застаецца ў хаце.

Штодзённы знаёмы да болю маршрут. Дзверы расчыніліся, нам направа. Уніз па лесвіцы. Стомленая аўчарка, трое лягавых. Адзін лесвічны пралёт, другі, выходзім у дворыкі. Сем прагулачных дворыкаў магілёўскай крытай. Тыя ж камеры, але без мэблі і без столі. Замест столі — два рады сеткі з дроту. Рэжымнік Юра заводзіць нас у сёмы і зачыняе дзверы. Наша гадзіна пайшла.

Як звычайна, цешымся сонейкам. За гадзіну нашай прагулкі яно паспее спаўзці па сцяне на добры метр. Гаворым пра ўсялякую лухту, Цыган распавядае свае вяскова-наркаманскія гісторыі. Раптам чуем у суседнім дворыку гучны, залівісты, натуральны і шчыры смех:

— Ха-ха-ха-ха-ха! А-а-а-ха-ха-ха!

Потым зноў.

Першая думка: нейкую вялікую хату вывелі гуляць, вось яны там і весяляцца. Але прыслухоўваемся і разумеем, што чалавек адзін. Адзін? А з чаго можна так гучна і натуральна смяяцца аднаму? І тут прыгадваем: у адзін час з намі часта водзяць гуляць Лёшу Гуза.

Аляксей Гуз — своеасаблівая легенда магілёўскай крытай. Былы курсант Акадэміі МУС, прафесійны спартсмен. Па чутках, у свой першы прыезд адлупцаваў цэлую змену мясцовых мусароў, калі яго заводзілі ў камеру. Тыя яму гэтага не даравалі і доўга потым здекваліся…

Дваццаць пяць гадоў тэрміну за выкраданне Завадскага, саўдзел у забойстве азербайджанскай сям’і з пяці чалавек і многае іншае… Амаль адзінаццаць гадоў ён правёў у адзіночцы.

Няўжо ён там адзін, у дворыку? З чаго тады так залівіста смяецца? Мы сталі прыслухоўвацца. Хутка смех змяніўся спевам:

На спящий город опускается туман,
Шалят ветра по подворотням и дворам,
А нам всё это не впервой,
А нам доверено судьбой
Оберегать на здешних улицах покой!

Да! А пожелай ты им ни пуха ни пера.
Да! Пусть не по правилам игра.
Да! И если завтра будет круче, чем вчера,
«Прорвёмся!» — ответят опера…

Не, гэта было не так, як пяюць школьнікі на ўроках спеваў — абы пракрычаць тэкст. Голас быў цвёрды, упэўнены, фразы спяваліся з выразам, з душою, з нейкім патэтычным надрывам.

Мы з Цыганом пераглянуліся, усміхнуліся. Усё было зразумела без слоў. Праз некалькі хвілін, калі «Оперá» скончыліся, мы пачулі:

От улыбки хмурый день светлей,
От улыбки в небе радуга проснётся,
Поделись улыбкою своей,
И она ещё не раз к тебе вернется!..

Ён праспяваў песню цалкам. Ад першага да апошняга радка. Колькі там куплетаў ні было, але падобна на тое, што ўсе яны былі праспяваны. Па ўсім бачна, што ён яе завучваў.

Сонца зрушылася па бетоннай «шубе» на свой належны метр. Час прагулкі скончыўся. Загрукалі дзверы, Юра павёў дадому першыя дворыкі… Хлопанне дзвярэй, шарканне ног. Усе магчымыя гукі даўно вывучаныя — хутка і да нас дойдзе чарга, дзверы хлопаюць усё бліжэй. Выходзім. Назад нас вядзе толькі адзін лягавы. Гэта добра. Хачу ўпэўніцца, ці сапраўды ў суседнім дворыку быў Лёша Гуз. На пару секунд, праходзячы міма дзвярэй, адкрываю вочка і бачу: роўна пасярэдзіне бетонна-асфальтавага «пакою для прагулак» стаіць здаровы высокі барадаты мужык і, задраўшы галаву, глядзіць скрозь краты на сонца. Дзіўна — насіць бараду ў турме строга забаронена.

Я заплюшчыў вочы і падумаў: пяць чалавек, дваццаць пяць гадоў тэрміну, адзінаццаць гадоў у адзіночцы. Выпадковасцей не бывае, тым больш, калі справа датычыцца чалавечага жыцця. Цяпер я ведаю, як яна выглядае — Божая Кара.

Сакавік 2016